Навукоўцы з Універсітэта Вашынгтона (Сіэтл, ЗША) прыйшлі да высновы: нават мінімальнае спажыванне перапрацаванага мяса павышае рызыку развіцця шэрагу сур’ёзных захворванняў — дыябету 2-га тыпу, ішэмічнай хваробы сэрца і каларэктальнага раку. Вынікі агляду больш чым 70 навуковых даследаванняў з удзелам некалькіх мільёнаў чалавек апублікаваныя ў часопісе Nature Medicine, піша ScienceAlert.

Пад перапрацаваным мясам разумеюцца прадукты, якія прайшлі засолку, вэнджанне, ферментацыю ці кансервацыю — напрыклад, бекон, вяндліна, сасіскі, каўбасы, кансервы, вяленае мяса.
«Рызыка расце манатонна па меры павелічэння спажывання — гэта азначае, што „бяспечнай“ колькасці не існуе», — адзначаюць аўтары.
Асаблівую трывогу выклікае тое, што нават невялікія порцыі павышаюць небяспеку. Напрыклад, адзін хот-дог на дзень павялічвае рызыку дыябету на 11%, а каларэктальнага раку — на 7%, у параўнанні з поўнай адмовай ад такіх прадуктаў.
Таксама навукоўцы выявілі негатыўную сувязь з ужываннем салодкіх газіровак і транстлушчаў. Адна лішняя шклянка салодкага напою на дзень павышае рызыку дыябету на 8%, а ішэміі — на 2%. Нават невялікая колькасць транстлушчаў павялічвае імавернасць сардэчных захворванняў на 3%.
Хоць назіранні заснаваныя на самасправаздачы, метад ацэнкі Burden of Proof лічыцца кансерватыўным, а значыць, рэальная рызыка можа быць нават вышэйшая.
Аўтары падкрэсліваюць: рэкамендацыі варта перагледзець, а грамадская ахова здароўя мусіць актыўней змагацца са спажываннем ультраапрацаваных прадуктаў.
Каментар да артыкула, апублікаваны ў тым самым часопісе, адзначае, што такія прадукты граюць ролю ў павышэнні даступнасці ежы, асабліва ў бедных рэгіёнах. Аднак выбар паміж выгодай і здароўем застаецца актуальным.