Стваральнікі серыялаў апошні дзясятак гадоў нярэдка радуюць складанымі, шматслойнымі дэтэктывамі, глыбокімі драмамі, тонкім псіхалагізмам і скрупулёзнасцю дэталяў. І гэта выдатна, але часам хочацца чагосьці лягчэйшага, праўда? Напрыклад, вярнуцца да простых баевікоў у духу старых добрых 90-х ці 2000-х — дзе ёсць выразны падзел на добрых і кепскіх, шмат экшну і спецэфектаў, а героі ратуюць свет за некалькі эпізодаў, не забываючы жартаваць, закохвацца і выціскаць з нас слязу. Новы серыял сэрвісу Amazon Prime Video «Зваротны адлік» (Countdown) менавіта такі. Тут галоўны герой аказваецца ў сакрэтнай групе агентаў, якая мусіць спыніць тэрарыста, што плануе буйны выбух у Лос-Анджэлесе. Але галоўнай адметнасцю для беларусаў стане тое, што ўпершыню на заходнім тэлебачанні так шмат увагі надаецца нашай краіне — са сцэнамі ў Мінску (тут ёсць нюанс) і беларускімі персанажамі. А самае незвычайнае — на экране гучыць беларуская мова, і не пара словаў, а вельмі шмат. І гучыць даволі добра, нягледзячы на тое, што актор з Беларусі ў складзе быў толькі адзін. Цікава, што крытыкі серыялам не надта задаволеныя, а вось гледачы ў захапленні — магчыма, многія сапраўды засумавалі па немудрагелістых, але відовішчных шоу.
Пра што серыял?
«Зваротны адлік» раскавае гісторыю дэтэктыва аддзела па расследаванні крадзяжоў і забойстваў лос-анджэлескай паліцыі Марка Мічэма (Джэнсэн Эклз), былога рэйнджара арміі ЗША. Пасля таго як сярод белага дня стрэлам ва ўпор забіваюць афіцэра мытні, Мічэма ўключаюць у сакрэтную спецгрупу пад кіраўніцтвам агента ФБР Нэйтана Блайта (Эрык Дэйн). У каманду таксама ўваходзяць агент службы па барацьбе з наркотыкамі Эмбер Аліверас (Джэсіка Камача), прафесіяналы з ФБР па кібербяспецы і барацьбе з тэрарызмам. Усе — спецыялісты па працы пад прыкрыццём.

Неўзабаве высвятляецца, што гэта далёка не звычайнае забойства: загінулы агент наткнуўся на нешта злавеснае. Расследаванне прыводзіць герояў да маштабнай змовы, якая можа стаць прычынай катастрофы ў Лос-Анджэлесе. Часу, каб разгадаць загадку і не дапусціць трагедыі, вельмі мала — адсюль і назва.
Серыял стартаваў на Prime 25 чэрвеня адразу трыма эпізодамі, пасля чаго новыя серыі выходзяць штотыдзень. Усяго ў першым сезоне 13 эпізодаў працягласцю 50 хвілін, фінал запланаваны на 3 верасня.
Хто стварыў?
Шоуранэр праекта — Дэрэк Хаас, майстар тэлевізійных працэдуралаў (то-бок шоу, у якіх у кожнага эпізоду свой скончаны сюжэт — часцей за ўсё яны прысвечаныя прадстаўнікам нейкай прафесіі). Ён стварыў серыял «Пажарныя Чыкага» і яго адгалінаванні «Паліцыя Чыкага», «Медыкі Чыкага» і «Правасуддзе Чыкага», а таксама «ФБР: За мяжой». У кіно Хаас напісал сцэнары да блакбастараў «Асабліва небяспечны», «Двайны агент», «Двайны фарсаж», «Забароненая місія», «Овердрайв» і «Цягнік на Юму».
Выканаўца галоўнай ролі Джэнсэн Эклз — зорка, якую любяць фанаты па ўсім свеце. 15 гадоў ён граў Дзіна Вінчэстэра ў культавым серыяле «Звышнатуральнае», а потым заваяваў новае пакаленне гледачоў роляй Салдаціка ў «Пацанах». Цяпер ён спрабуе сябе ў больш прыземленым жанры — «без дэманаў, вампіраў і суперздольнасцяў», як сам прызнаецца. І гэта пасуе яму не менш.

Эрык Дэйн вядомы па ролі доктара Марка Слоўна ў «Анатоміі жарсці» і з’яўленнях у «Эйфарыі». Цікава, што 52-гадовы актор нядаўна адкрыта расказаў, што змагаецца з бакавым аміятрафічным склерозам (БАС). Нягледзячы на дыягназ, ён працягвае здымацца, і, як кажа, праца над «Зваротным адлікам» дапамагла яму «заставацца ў тонусе» і «рухацца наперад».
Ёсць у касце і іншыя прыкметныя твары: ужо згаданая Джэсіка Камача («Флэш», «Ахоўнікі»), Віялет Бін («Флэш»), Эліят Найт (які, дарэчы, таксама з’яўляўся ў «Пацанах») і Улі Латукефу («Чужы: Запавет», «Чорны Адам» і г. д.).

Беларусь у цэнтры сюжэта — і беларуская мова
Для беларускай аўдыторыі серыял будзе асабліва цікавым. Па-першае, яго галоўны антаганіст — Барыс Волчак, які па сюжэце нарадзіўся ў Мінску ў 1979 годзе. Гэтага беларуса грае ўраджэнец Украіны Багдан Ясінскі, які вырас у ЗША.
У другім эпізодзе гледачы ўбачаць флэшбэкі ў Мінск 2008 года, дзе раскрываецца перадгісторыя Волчака — былога супрацоўніка Міністэрства абароны Беларусі, ветэрана транспартных войскаў, які служыў у Чачні. Як расказваюць крытыкі, у галоўнага злыдня «доўгая гісторыя незаконных справаў, вялікая крыўда на Злучаныя Штаты і звычка караць смерцю ўсіх, хто яму здраджвае».
Стваральнікі выкарыстоўваюць «беларускі патрыятызм» як адзін з матываў антаганіста. Цікава, што трагедыя 2008 года ў Мінску, звязаная з братам Волчака і загадкавым амерыканцам, становіцца адпраўным пунктам для помсты, якую мужчына плануе ажыццявіць у Лос-Анджэлесе праз дзесяцігоддзі.
Дарэчы, мінскія сцэны здымаліся зусім не ў Мінску, а ў Будапешце — зрэшты, некалькі відаў беларускай сталіцы на экране прысутнічае. У той жа час у серыяле нават ёсць сцэны ў нібыта беларускім консульстве, дзе каманда герояў праводзіць шпіёнскую аперацыю. Добра прапрацаваныя і многія дэталі: беларускія нумары на аўтамабілях, машыны мінскай ДАІ ў правільнай размалёўцы, нікнэйм «Belavezha44» у перапісцы ў аднаго з герояў і гэтак далей.







У ролі брата Волчака зняўся адзіны беларус у касце серыяла — стэндап-комік, спявак і акцёр Дзмітрый Саўян, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Польшчы і заваяваў мясцовую аўдыторыю пад псеўданімам Пан Саўян.
Самым нязвыклым для беларускага гледача — нават злёгку сюррэалістычным, улічваючы рэальную моўную сітуацыю ў краіне — акажацца багацце беларускай мовы ў серыяле.
Па-беларуску, вядома, гаворыць персанаж Саўяна — і робіць гэта выдатна. Але вельмі добра гэта атрымліваецца і ў Багдана Ясінскага, які сыграў галоўнага злыдня: акцэнт значна слабейшы, чым можна было чакаць. Другарадныя персанажы, якія граюць амерыканцаў, што валодаюць беларускай, гавораць з вельмі моцным акцэнтам, а вось тыя, хто грае беларусаў, робяць гэта нашмат чысцей. Хвацка лаецца па-беларуску ізраільскі актор савецкага паходжання Даніэль Чарныш у ролі Міхаіла Дурко (праўда, месцамі амаль пераходзіць на ўкраінскую), выдатна атрымліваецца мова продкаў у Марка Пучынскага (Цімур), амерыканца з сям'і беларускіх эмігрантаў. Але выдатна даў рады лінгвістычнай задачы і, напрыклад, ураджэнец Каліфорніі Джонатан фон Мерынг.
Адзначым, што ўсё гэта не нейкія асобныя словы раз на гадзіну — наадварот, беларуская мова займае сапраўды шмат экраннага часу, на ёй гаворацца паўнавартасныя дыялогі. Гэта і ў беларускім кіно сустрэнеш нячаста, а ў заходнім такое наогул упершыню. Паглядзець серыял варта хаця б дзеля гэтага — каб пачуць родную мову ў масавым серыяле са шматмільённай аўдыторыяй.
Што хваляць і што лаюць?
Рэйтынгі ў «Зваротнага адліку» супярэчлівыя. Так, на Rotten Tomatoes у шоу ўсяго 38% ухвалы крытыкаў пры 71% падтрымкі гледачоў. Metacritic паставіў серыялу 43 балы са 100, што значыць «змяшаныя або сярэднія водгукі». На IMDb рэйтынг больш прыемны і патроху падрастае — цяпер 6,8 з 10 балаў.
Словам, успрыманне рознае. Прыхільнікі на IMDb пішуць: «Гэта напружаны працэдурал з шалёным экшнам і неверагодным акторскім складам». Усе хваляць Джэнсэна Эклза, які «ідэальна ўпісваецца ў ролю», а таксама яго пераканаўчую сяброўскую хімію з Эрыкам Дэйнам.

Адны крытыкі ўхваляюць разнастайнасць: дзякуючы таму, што героі — спецыялісты па працы пад прыкрыццём, дзеянне часта перамяшчаецца ў самыя розныя лакацыі і змяняе метады. Тут і турмы, і картэлі, падваротні, і парты, і камп’ютарныя расследаванні. Іншыя скардзяцца на прадказальнасць і месцамі прымітыўны сюжэт па стандартнай схеме. TVLine піша, што «гэта тэстастэронавы трылер, які дае відовішчныя экшн-сцэны, нават калі сюжэт не вытрымлівае крытыкі». Аўтар рэсурсу Roger Ebert наогул разграміў серыял як «пазбаўлены сюжэту, развіцця персанажаў і сэнсу».
Цікава, што многія крытыкі адзначаюць: «Зваротны адлік» выглядае анахранізмам у 2025 годзе, нібы ён не з нашага часу, а з больш кансерватыўнай эпохі тэлебачання. Slant Magazine наўпрост называе яго «паліцэйскім шоу з пачатку 2000-х». Гэта кідаецца ў вочы з самага пачатку, напрыклад, у сцэне першага збору каманды: тое, як нам прэзентуюць герояў, як гэта змантавана — такога мы сапраўды не бачылі ў добрых серыялах гадоў пятнаццаць.

The Daily Beast адзначае парадокс: «Стрымінгавыя сэрвісы мусілі прапанаваць альтэрнатыву звычайнаму ТБ, але чым яны старэйшыя, тым больш падобныя да таго, што спрабавалі замяніць». «Зваротны адлік» называюць «дакладнай копіяй» традыцыйных паліцэйскіх каналаў ЗША.
Ёсць і супрацьлеглыя ацэнкі. Comic Book Resources паставіў серыялу 9 з 10, адзначыўшы, што «гэта знаёмая ўсім схема, але „Зваротны адлік“ па-майстэрску балансуе чаканні гледачоў і свежы, нечаканы аповед». Collider даў 8 з 10: «У серыяле харызматычныя персанажы, моцныя акторы і ёсць развіццё сітуацыі з небяспечнымі наступствамі».
Але вось што цікава: нягледзячы на прахалодны прыём у прафесійнай супольнасці, «Зваротны адлік» адразу ўзначаліў топ Prime Video в США і трапіў у топ-10 у дзясятках краін. За першы тыдзень серыял набраў 5,3 мільёна праглядаў — паважны вынік для навінкі.

Каму спадабаецца?
Як ясна з вытрымак рэцэнзій вышэй, серыял даволі прадказальны і свядома прытрымліваецца ўстояных шаблонаў. Патрабавальнаму гледачу ён, хутчэй за ўсё, не зойдзе. Калі вы шукаеце сучаснага падыходу да жанру, глыбокіх характараў і нечаканых паваротаў, то шукаць варта ў іншым месцы.

З іншага боку, «Зваротны адлік» — тыповы прыклад жанру «крутыя мужыкі з гарматамі ратуюць свет» і старога добрага спецагенцкага працэдуралу (хіба што шоу не расказвае пра новую справу кожную серыю). Хоць яго і крытыкуюць і серыял здаецца «маральна састарэлым», глядзець яго хутка становіцца цікава і ён зацягвае. Гэта добры выбар для тых, хто любіць дынамічныя баевікі без лішніх складанасцяў. Як піша адзін з гледачоў, «гэта вясёлае дынамічнае шоу з прыемнымі камедыйнымі момантамі. Не трэба ўспрымаць яго занадта сур’ёзна — проста атрымлівайце асалоду». Абавязковы серыял да прагляду таксама фанатам Джэнсэна Эклза: актор сапраўды ў сваёй стыхіі.
Словам, «Зваротны адлік» — гэта квінтэсэнцыя летняй забавы: простае, відовішчнае шоу з харызматычнымі героямі. Так, сцэнар не ўражвае арыгінальнасцю, але больш за 5 мільёнаў гледачоў за першы тыдзень гавораць самі за сябе. Часам менавіта такія немудрагелістыя, але якасна зробленыя баевікі патрэбныя, каб разгрузіць галаву і проста добра адпачыць.
І, паўторымся, серыял вельмі пажаданы для прагляду беларусамі: вы напэўна зазнаеце вельмі незвычайныя адчуванні — важна толькі пакінуць арыгінальную агучку.
Чытайце таксама


