Беларуска падзялілася ў TikTok сваім планам па збіранні грошай для куплі жылля. Пяць гадоў яе сям’я будзе назапашваць сродкі на жыллёвым укладзе, а потым атрымае крэдыт на спецыяльных умовах. Расказваем, што гэта за сістэма.

Каб сабраць на ўнёсак на куплю жылля, маладая сям’я беларусаў вырашыла адкрыць спецыяльны ўклад у «Беларусбанку». Збіраць грошы ім трэба будзе пяць гадоў.
«У банку сказалі, што калі кожны месяц папаўняць стабільна, то праходзіць час — тры, пяць, сем гадоў, гледзячы які план выбіраеце, — і вас крэдытуюць без праблем. Цалкам магчыма, што збярэцца хутчэй. Тыя плацяжы, якія нам сказалі рабіць, з працэнтамі, якія капіталізуюцца кожны месяц. Што класна і выгадна. Мы можам сабраць за чатыры гады і адзін месяц, а не за пяць гадоў», — расказала аўтарка відэа.
@kadushkina.oks Инст: kadushkina. oks #стройсбережения #недвижимость #покупкаквартиры ♬ оригинальный звук — Кадушкина в декрете👩🏼🍼
У іншым роліку жанчына расказала, што на ўкладзе «Будзберажэнні» ім трэба сабраць 25% ад кошту жылля, якое яны будуць купляць праз пяць гадоў. Астатнія 75% крэдытуе «Беларусбанк». Паводле яе, гэта будзе льготны крэдыт.
Што гэта за сістэма?
Будаўнічыя зберажэнні — гэта спосаб назапасіць грошы на жыллё на спецыяльным укладзе, які прапануе банк. Паводле ўмоваў, ён жа потым крэдытуе куплю нерухомасці на больш выгадных умовах.
Усё пачынаецца з таго, што кліент адкрывае спецыяльны назапашвальны рахунак у банку і рэгулярна кладзе на яго грошы. Працэнты па гэтым ўкладзе невялікія, а здымаць сродкі нельга — яны замарожваюцца на пэўны тэрмін. Гэты этап называецца ашчаджальным і доўжыцца мінімум 19 месяцаў, а можа цягнуцца да 127 месяцаў.
Пасля заканчэння тэрміну назапашванняў запускаецца другі этап — аплатны. Усе сабраныя сродкі плюс крэдыт пераводзяцца прадаўцу жылля. Гэта можа быць як новабудоўля, так і кватэра на другасным рынку.
Галоўная ўмова: кліент мусіць сабраць не менш за 25% кошту жылля, а банк дадае астатнія 75%.
Працэнт у такога крэдыту звычайна ніжэйшы, чым у іншых жыллёвых пазык, якія выдаюцца на рынкавых умовах.
Чытайце таксама