Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Силовики в соцсетях активизировали поиски участников протестов 2020 года — их интересуют выходившие на марши в двух городах
  2. «Адзін глядзеў тэлефон, другі гаварыў, а трэці ўбаку назіраў». Як праводзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС
  3. «Аппетит приходит во время еды». Reuters узнал реакцию Путина на ультиматум Трампа и его дальнейшие планы
  4. «Настолькі схаваны, што самі не разумеюць». Экс-дацэнтка МДЛУ Наталля Дуліна назвала дзве рысы беларусаў, якія робяць нас антыліберальнымі
  5. ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне двух беларусаў, якія вярталіся на радзіму
  6. Светлана Тихановская получает от правительства Литвы 35 тысяч евро в месяц? Что ответили в Офисе и МИД
  7. Что надо сделать ВСУ и Западу, чтобы Путин согласился прекратить войну на приемлемых для США, Европы и Украины условиях — мнение экспертов
  8. На примере блогера Паука силовики и пропаганда пригрозили уехавшим беларусам преследованием родных. Зачем они это делают — мнение
  9. Мінск зноў затапіла: грамадскі транспарт ходзіць з перабоямі, адключыліся святлафоры
  10. Галоўны ліхадзей — беларус, а яшчэ вельмі шмат беларускай мовы. Гэты серыял цяпер глядзяць мільёны па ўсім свеце — расказваем пра яго
  11. «Мне людзі пішуць кожны дзень». Лукашэнка «адчуў», што пасля выбараў ва ўрадзе «пачаліся свавольствы»
Читать по-русски


Роза Турарбекова

Палітычныя выказванні Сяргея Ціханоўскага працягваюць абмяркоўваць. Яго заявы пра тое, што ён будзе ламаць рэжым, а таксама папрокі беларусаў у пасіўнасці выклікаюць розныя эмоцыі. У калонцы для «Люстэрка» палітолаг Роза Турарбекава тлумачыць гэта канфліктам дзвюх рэальнасцяў, у якіх аказаліся беларусы.

Роза Тутарбекова, кандидат экономических наук, доцент

Роза Турарбекава

Кандыдат гістарычных навук.

У 2022 годзе па палітычных матывах была звольненая з пасады дацэнта кафедры міжнародных адносін БДУ. Працавала ва ўніверсітэтах Казахстана, была запрошанай даследчыцай Гісенскага ўніверсітэта імя Юстуса Лібіха ў Германіі.

Перш чым я выкладу свае аналітычныя меркаванні, хацела б сказаць, наколькі дзівосны той факт, што Сяргей Ціханоўскі не зламаны і хоча дзейнічаць, каб завяршыць сваю місію — зрынуць рэжым Лукашэнкі, тым самым расчышчаючы дарогу да краіны для жыцця.

«Гаворка не толькі пра адсутнасць інфармацыі, але і пра адсутнасць уключанасці ў калектыўныя перажыванні»

Эйфарыя, якую адчулі ўсе прыхільнікі перамен і паслядоўнікі Ціханоўскага ў прыватнасці, мусіла абярнуцца працверажэннем. Гэта вынік сутыкнення дзвюх рэальнасцяў. Так, так здараецца, што адна нацыя, народ можа жыць у розных вымярэннях як з прасторавага пункту гледжання, так і з часавага.

Першая — уяўная. Яна ператвараецца ў рэальнасць, калі становіцца прычынай для дзеянняў. Ужо неаднаразова адзначалася, што ізаляцыя ў турме, рэжым інкамунікада фармуе скажоную карціну таго, што адбываецца ў свеце.

Час застывае, абрыўкі інфармацыі, больш прапагандысцкага характару, могуць адпрэчвацца. Аднак іншых рэсурсаў навін няма. Таму чалавек працягвае міжволі знаходзіцца ў той палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай рэальнасці, з якой быў вырваны. Ніякае крытычнае мысленне не можа дапамагчы запоўніць прорву дэфіцыту разумення таго, што адбываецца вакол.

Сяргея Ціханоўскага вырвалі з рэальнасці ў 2020 годзе, у самым пачатку прэзідэнцкай кампаніі. Эйфарыя лета 2020 года — тая эмоцыя і той стан, які найбольш ярка замацаваўся ў яго памяці. Далей ішло звужэнне крыніц інфармацыі аж да поўнай ізаляцыі. Толькі ўявіце гэтую рэальнасць, якая сумяшчаецца з допытамі, невядомасцю, прыніжэннем, катаваннямі. Пагаршэнне здароўя, страта надзеі выйсці жывым і ўбачыць родных, холад фізічны і маральны. У такіх умовах застылай жорсткай рэальнасці які будзе фармавацца мэсідж на выпадак вызвалення? Дабіцца зрынання гэтага несправядлівага і жорсткага рэжыму. Дабіцца справядлівасці, нават, магчыма, помсты.

Мне цяжка ўявіць, наколькі невыносным было ўсё гэта. Але я магу ўявіць той дэфіцыт навін, які ўтварыўся ў выніку ізаляцыі.

І тут важна разумець, што гаворка не толькі пра адсутнасць інфармацыі, але пра адсутнасць уключанасці ў калектыўныя перажыванні.

Уздым у жніўні, маршы ў верасні і кастрычніку, пераадоленне страху перад зброяй, затрыманнем і гвалтам. Жах на Акрэсціна. Наезд усёй дзяржаўнай машыны. Забойства Рамана Бандарэнкі і пройгрыш нашай наіўнай светлай рэвалюцыі. Разгортванне масавых рэпрэсій. Знішчэнне СМІ і недзяржаўных арганізацый: ад TUT.BY да Таварыства беларускай мовы. Арышты, арышты і яшчэ раз арышты. Для многіх уцёкі, для іншых — выбар застацца.

Потым вайна Расіі з Украінай і жывёльны страх, што ў яе ўцягнуць нашых мужчын. Бацькі тэрмінавікоў ў лютым і сакавіку не спалі начамі і абрывалі тэлефоны вайсковых частак. Адчайныя акцыі пратэсту супраць вайны. І зноў затрыманні, і зноў катаванні на Акрэсціна і ў Жодзіне.

Але каго гэта цікавіла на фоне ракет і самалётаў рускай п’янай арміі з тэрыторыі Беларусі? Жах людзей у Пінску, Гомелі… Прыйдзе час, і яны самі пра гэта скажуць.

Адзінкі супраціўляюцца: рэйкавыя партызаны спрабуюць сарваць перавозку расійскіх саставаў са зброяй праз Беларусь. І атрымліваюць за гэта прастрэленыя калені і велізарныя тэрміны.

Далей — горш. Адкат рускіх частак з Украіны — і мы даведваемся пра Бучу. А гэтыя оркі са скрываўленай ваеннай тэхнікай, кучай трупаў і параненых рускіх вайскоўцаў — гвалтаўнікоў, забойцаў і марадзёраў — вяртаюцца назад да нас. Добра, што Украіна выстаяла.

Але беларусы імгненна ператварыліся з нацыі-пакутніцы, якая адмаўляе гвалт, у суўдзельніцу рускай агрэсіі і фашызму. З усімі наступствамі. Гэта толькі 2021−2022 гады.

Рэальнасць адыходзіла ўсё далей ад нашых наіўных лідараў 2020 года, затрыманых і асуджаных на жахлівыя тэрміны.

«Шэраг ініцыятываў праваліўся»

Рэальнасць другая — грамадская і пострэвалюцыйная. Многія з беларусаў, якія перажылі ўсё гэта і рэагуюць цяпер на словы Ціханоўскага, вымушаныя былі бегчы з краіны. Пераплывалі рэкі, пералазілі праз платы, жылі ў лагерах для бежанцаў. Рэжым дасканаліўся ў пераследзе ўнутры краіны і за яе межамі. Пачаліся транспамежныя рэпрэсіі — пераслед за ўдзел у акцыях за мяжой, а таксама за аплату прадуктаў для палітвязняў. З’явіліся завочныя суды.

Увесь гэты час колькасць палітвязняў расла. Праходзілі аблавы на прадпрыемствах, масавыя звальненні з воўчымі білетамі. Усюды. Ад ВНУ і садкоў да найбуйнейшых прадпрыемстваў. Гэта тое, што гісторыкі называюць контррэвалюцыяй.

З пачаткам вайны ва Украіне беларускі грамадзянскі сектар дапамагаў сваім і ўкраінцам у Польшчы, Літве, Латвіі, Германіі і па ўсёй Еўропе. Беларускія добраахвотнікі ішлі ваяваць супраць Расіі, узнік полк Каліноўскага. Жах, адчай і стрэс таго часу складана сабе ўявіць.

У дадатак наклаліся санкцыі. Пра іх гаварылі лідары апазіцыі. Санкцыі, санкцыі і толькі санкцыі і ніякай літасці рэжыму. На справе беларусы і беларускі, якія ўцяклі ад рэжыму, а многія таксама ад вайны ва Украіне, сталі аб’ектамі санкцый: банкаўскія — самыя балючыя. Я не збіраюся мерацца пакутамі, але дазвольце адзначыць, што не ўсе героі і гатовыя трываць. Далёка не ад усіх можна такога чакаць. Людзі аказаліся ў складаных фінансавых і прававых абставінах. Дапамагалі сабе і іншым.

Апазіцыя ў выгнанні арганізавала адвакацыю беларусаў з рознай ступенню поспеху і разумення, што рабіць. А шэраг ініцыятываў праваліўся — успомнім «Чорную кнігу Беларусі», план «Перамога», «Беларускі Гаюн» і так далей.

Пасля ўсіх гэтых няўдач — зноў масавыя арышты і аблавы. А таксама спрэчкі ўнутры дэмакратычных сілаў. Вельмі гарачыя. У дадатак расчараванне і дэмабілізацыя пратэсных актывістаў. Апошні ўдар — знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай, а да гэтага — дэпартацыя каліноўца Васіля Верамейчыка. І гэта я пералічыла далёка не ўсё.

«Гэта не той канфлікт, які нельга пераадолець»

І вось мы ў 2025 годзе. У Беларусі пабудаваная паўтаталітарная сістэма, з дыскрымінацыяй дзяржаўнай беларускай мовы. Рэпрэсіі працягваюцца і не збіраюцца сціхаць. Але кулуарна ідуць пэўныя перамовы. І вельмі скупое вызваленне палітвязняў (з 8 сакавіка 2024 да 21 чэрвеня 2025 года было памілавана 307 чалавек, пры гэтым новыя палітвязні з’яўляліся далей. — Заўв. рэд.).

21 чэрвеня 2025 года вызваляюць Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 чалавек. Гэта ўспрымаецца амаль як цуд на фоне змроку апошніх чатырох з паловай гадоў. Сяргей уражвае сваёй воляй, нязломнасцю і жаданнем падзяліцца сваімі перажываннямі.

І вось яго першым палітычным крокам на волі стаў набор уласнай каманды і збор на план удару па рэжыме. Збор правалены. Сяргей расчараваны і гаворыць пра гэта адкрыта, як ён і прывык. Частка беларускай дэмакратычнай супольнасці ў выгнанні абурылася яго прэтэнзіямі. Тут і сутыкнуліся тыя самыя дзве рэальнасці. Уяўная і грамадская, што склалася да 2025 года.

Пры сутыкненні непазбежны канфлікт. Пытанне, як яго вырашыць. Гэта не тая праблема, якую нельга пераадолець. Але не трэба кідацца камянямі, абурацца і патрабаваць прыняць жорсткую рэчаіснасць ці, наадварот, папракаць у недахопе энтузіязму і адвагі. Гэта праблема ўспрымання рэальнасці. Варта зразумець адно аднаго (банальнасць, пра якую трэба не толькі памятаць, але і прытрымлівацца). Сяргей Ціханоўскі далёка не першы палітвязень у сусветнай ці нават нашай гісторыі. Былыя палітвязні ў сціплай беларускай манеры спрабуюць падказаць яму, што лепш у такой сітуацыі рабіць. Рэабілітацыя і кампенсацыя дэфіцыту інфармацыі — самыя простыя парады.

Наконт яго палітычных дзеянняў. Тут неабходна ясна разумець, каго Сяргей Ціханоўскі цяпер прадстаўляе і якая ў яго палітычная праграма. Для гэтага таксама трэба больш шырокае кансультаванне. Не проста з прыхільнікамі, з якімі камфортна, а, хутчэй, менавіта з тымі, хто прапануе іншыя спосабы і падыходы. І вось гэта ўжо задача для сапраўдных нацыянальных лідараў.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.