Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Мне людзі пішуць кожны дзень». Лукашэнка «адчуў», што пасля выбараў ва ўрадзе «пачаліся свавольствы»
  2. ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне двух беларусаў, якія вярталіся на радзіму
  3. «Аппетит приходит во время еды». Reuters узнал реакцию Путина на ультиматум Трампа и его дальнейшие планы
  4. Мінск зноў затапіла: грамадскі транспарт ходзіць з перабоямі, адключыліся святлафоры
  5. «Адзін глядзеў тэлефон, другі гаварыў, а трэці ўбаку назіраў». Як праводзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС
  6. На примере блогера Паука силовики и пропаганда пригрозили уехавшим беларусам преследованием родных. Зачем они это делают — мнение
  7. Что надо сделать ВСУ и Западу, чтобы Путин согласился прекратить войну на приемлемых для США, Европы и Украины условиях — мнение экспертов
  8. Светлана Тихановская получает от правительства Литвы 35 тысяч евро в месяц? Что ответили в Офисе и МИД
  9. «Настолькі схаваны, што самі не разумеюць». Экс-дацэнтка МДЛУ Наталля Дуліна назвала дзве рысы беларусаў, якія робяць нас антыліберальнымі
  10. Силовики в соцсетях активизировали поиски участников протестов 2020 года — их интересуют выходившие на марши в двух городах
  11. Галоўны ліхадзей — беларус, а яшчэ вельмі шмат беларускай мовы. Гэты серыял цяпер глядзяць мільёны па ўсім свеце — расказваем пра яго
Читать по-русски


Аляксандр Гойшык /

Салігарчанін Аляксандр Гойшык працягвае расказваць пра сваё падарожжа вакол свету, і цяпер гаворка пойдзе пра краіны Персідскага заліва. Пасля наведвання ААЭ ён скіраваўся ў султанат Аман. Гісторыі пра таямнічую краіну з абсалютнай манархіяй, нечаканую гасцінасць і атмасферу з апавяданняў пра Аладзіна — у новай частцы яго падарожнага дзённіка для «Люстэрка».

Нізва, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Нізва, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

«Аманскі рыял — адна з самых „цвёрдых“ валют у свеце»

Адразу пасля перасячэння мяжы з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі ў вочы кідаецца гасціннасць Амана. Яшчэ перад паездкай чытаў, што гэта, мабыць, найбольш самабытная і цікавая краіна Персідскага заліва. Але чытаць — гэта адно, а адчуць на сабе — зусім іншае. Тут не толькі багатая гісторыя, але і разнастайная прырода, зусім не падобная да пясчанай аднастайнасці суседніх краін. Горы, прастора, спакой. І людзі… асаблівыя. Добразычлівыя, адкрытыя, гасцінныя.

На выездзе з Эміратаў мяне падхапіў кіроўца фуры. Мы хутка перасеклі мяжу, і на ўездзе ў Аман мне без ніякіх праблем аформілі бясплатны бязвізавы ўезд на 14 дзён. Адразу пасля КПП мой спадарожнік павярнуў з асноўнай дарогі. Мы пажадалі адзін аднаму добрай дарогі — і так пачаліся мае прыгоды ў гэтай краіне.

Аўтастоп тут на вышыні — спыняецца амаль кожная машына. Праўда, часта гэта таксоўкі, таму варта адразу тлумачыць, што ты падарожнічаеш без грошай. Але нават таксіст часта махне рукой: «Нічога, садзіся!» Людзі падвозяць з усмешкай, частуюць кавай, фінікамі, бутэрбродамі. Пасля Эміратаў, дзе ўсё здавалася глянцавым і пластыкавым, тут адразу адчуваецца сапраўднае жыццё — шчырае, з душой.

Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Машына за машынай — і вось я ўжо праехаў каля двухсот кіламетраў у напрамку Маската — сталіцы Амана. Апошнія хлопцы, што падвозілі мяне, у самім Маскаце без ваганняў зрабілі кола, каб высадзіць проста каля агромістага гандлёвага цэнтра, недалёка ад кватэры майго хоста (горад аказаўся вельмі расцягнутым). Таксама яны падпісаліся на мой Instagram, пацікавіліся, што планую на выходныя, і прапанавалі разам кудысьці выбрацца. Развіталіся як са старымі сябрамі. Аманская гасціннасць уражвае з першых гадзінаў!

У гіпермаркеце я абмяняў грошы. Дарэчы, аманскі рыял — адна з самых «цвёрдых» валют у свеце. Адзін рыял — гэта прыкладна 2,6 даляра (7,6 беларускага рубля, тут і далей перавод па курсе Нацбанка на 12 ліпеня. — Заўв. рэд.). Рыял дзеліцца на 1000 байсаў (аналаг капеек), і ў абарачэнні можна ўбачыць не толькі дробныя манеты, але і купюры на 100 байсаў — гэта прыкладна 26 цэнтаў (76 беларусскіх капеек). Таксама ёсць купюра на палову рыяла. Такія дробныя банкноты — рэдкасць у свеце, таму адразу звяртаюць на сябе ўвагу.

Так выглядаюць грошы Амана, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Так выглядаюць грошы Амана, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

У Carrefour, маім улюбёным французскім супермаркеце, я набыў крыху еўрапейскай ежы, каб папесціць сябе звыклымі смакамі. Часам падарожжа — гэта не толькі пра адкрыццё новага, але і пра маленькія вяртанні да знаёмага.

Мяне ўжо чакала хост з Філіпін — дзяўчына-экспатка, якая некалькі гадоў жыве і працуе ў Амане выкладчыцай англійскай мовы. Гэта, дарэчы, даволі тыповая гісторыя. На Філіпінах англійская — адна з дзяржаўных моваў. Таму многія экспаты адтуль працуюць за мяжой, асабліва ў краінах Персідскага заліва, у сферах адукацыі, медыцыны, абслугоўвання.

Я ўжо не ўпершыню сустракаюся з філіпінскімі настаўнікамі, напрыклад, у Шанхаі мяне таксама прымаў хост з Філіпін, які працаваў у школе. Калі індыйцы і пакістанцы часта займаюцца фізічнай працай, то філіпінцы, як правіла, — настаўнікі, офісныя работнікі, медперсанал. Іх шмат у Азіі, вельмі часта гэта гасцінныя хосты і цікавыя суразмоўцы.

Дарэчы, яшчэ ў Эміратах я загадзя падключыў электронную сім-карту для Амана — таму адразу пасля перасячэння мяжы быў на сувязі: не трэба было шукаць офіс аператара, абменьваць грошы ці разбірацца з тарыфамі. Да таго ж цэны на eSIM часта нават ніжэйшыя, чым на звычайныя стартавыя пакеты. Асабліва гэта выручае ў першы дзень: раней яшчэ трэба было знайсці, дзе купіць сім-карту, і неяк зразумець, што і як. У тых жа Кітаі ці Афганістане гэта быў цэлы квэст! А цяпер усё робіцца за пару клікаў у мабільнай праграме. Да чаго дайшоў прагрэс!

«Настолькі натуральная гасціннасць, што яна ўжо нібыта чаканая, але ўсё роўна шчыра цешыць»

Мая хост жыла на ўскрайку Маската. На наступны дзень я вырашыў выбрацца паглядзець стары горад. Маскат — даволі цікавы, але вельмі расцягнуты горад. Як выявілася, гістарычны цэнтр даволі далёка ад сучасных раёнаў, і даехаць туды — ужо прыгода. Грамадскі транспарт працуе слаба, горад пабудаваны для машын, а не для пешаходаў ці вандроўнікаў з заплечнікам. Гэта вам не Дубай, з ягонай выдатнай транспартнай сістэмай!

Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Як і большасць тутэйшых, мая хост перасоўваецца па горадзе выключна на машыне. Таму яна толькі развяла рукамі: маўляў, нават не ведаю, як даехаць да старога горада без аўто. Я паспрабаваў пачакаць аўтобуса, нават спампаваў спецыяльную праграму — але нічога. Пасля доўгага чакання на спёцы плюнуў і вырашыў перайсці да плана Б: сіці-стопу, альбо аўтастопу ўнутры горада, калі спрабуеш спыніць машыны на асноўных гарадскіх магістралях.

Упершыню я карыстаўся такім метадам у Іране. Як высветлілася, тут ён працуе не горш. На маё здзіўленне, першая ж машына спынілася. Малады хлопец махнуў рукой: «Садзіся хутчэй! Куды табе трэба?» Я сказаў, што хачу да старога горада. Ён крыху задумаўся і кажа: «Я зараз трохі заняты на працы. Але паехалі са мной у офіс, я там памяняю машыну, зраблю пару справаў — і пакажу табе горад».

Мы заехалі да яго на працу. Пакуль ён нешта афармляў, то пачаставаў мяне гарбатай і бутэрбродам. У Амане настолькі натуральная гасціннасць, што яна ўжо нібыта чаканая, але ўсё роўна шчыра цешыць. Потым мы пераселі ў іншую машыну і паехалі глядзець стары горад і ваколіцы.

Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

У нейкі момант ён спытаў, ці не хачу я пакурыць, і намякнуў на нешта мацнейшае. Калі я ветліва адмовіўся, ён сам «трохі расслабіўся» (калі вы разумееце, пра што я) — і мы паехалі. Але потым гутарка павярнула ў нечаканы бок. Ён спытаў, адкуль я, і, даведаўшыся што з Беларусі, адразу ж пачаў дзяліцца сваімі поглядамі на сусветную палітыку.

— Расія — моцная, дае адпор, не паддаецца Захаду! — казаў ён з перакананасцю, якую, відаць, сфармавала расійская прапаганда, што, на жаль, даходзіць і да іх.

Я спакойна адказаў, што з гэтым не згодны, што гэта імперыялізм, Расія — агрэсар, Пуцін — забойца, вайна — гэта трагедыя, а не сіла. Ён відавочна здзівіўся, на хвіліну задумаўся, але — і тут трэба аддаць яму належнае — не пачаў спрачацца, не пераходзіў на павышаны тон. Мы проста змянілі тэму і паехалі далей.

Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Стомленасць падарожжам

Потым мы заехалі ў гістарычны цэнтр Маската, менавіта там знаходзіцца ўрадавы квартал і палац султана. Аман — гэта султанат, і выявы цяперашняга манарха, а таксама ягонага сына можна ўбачыць усюды: на будынках, у крамах, на банерах і нават у кавярнях. Такая візуальная прысутнасць лідараў — звыклая з’ява для манархіяў Персідскага заліва.

Ён таксама паказаў мне панарамную пляцоўку, з якой адкрываўся цудоўны від на Маскат. Старажытны рыбацкі порт, драўляныя лодкі, рыбакі з сеткамі — у гэтым было нешта вельмі сапраўднае. Такой жывой атмасферы, гэтай сапраўднай аўтэнтычнасці мне моцна не хапала ў Эміратах.

Потым новы знаёмы высадзіў мяне ў старым горадзе. Ён чаруе сваёй атмасферай: над ім узвышаецца старадаўняя крэпасць, адна з тых, што калісьці абаранялі горад ад піратаў і заморскіх захопнікаў. Вузкія вулачкі базара поўняцца пахамі спецыяў, ладану і кавы. Тут жа і крамы са срэбрам, тканінамі, традыцыйнымі аманскімі крывымі кінжаламі — ханджарамі.

Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Маскат, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Таксама ёсць невялікі, але прыемны пешаходны трэк праз гарачыя скалістыя ўзгоркі. Усё добра абсталяванае, з указальнікамі, лесвіцамі і нават пунктамі з пітной вадой. Увогуле, у краінах Персідскага заліва ўражвае ўзровень інфраструктуры: усё на высокім узроўні, турыстам камфортна і проста. І ў Амане гэта адчуваецца не менш, чым у суседніх Эміратах, але тут яшчэ і душа ёсць.

Тут таксама кідаецца ў вочы вялікая колькасць мігрантаў — хаця і не такая велізарная, як у ААЭ. Яны складаюць «усяго» каля 45% насельніцтва. У асноўным гэта прадстаўнікі трох краін: Індыя, Пакістан і Бангладэш. Акрамя таго, часта сустракаюцца выхадцы з іншых, бяднейшых, арабскіх краін, напрыклад з Егіпта. Таксама папулярнымі сярод мігрантаў застаюцца філіпінцы.

Загадзя вырашыў купіць білет на аўтобус у Саудаўскую Аравію — наступную краіну на маім шляху. Дарога да Рыяда, сталіцы каралеўства, доўгая: больш за тысячу кіламетраў, з якіх каля паловы — праз пустыню, дзе няма ні вёсак, ні заправак, ні нават сувязі. Перспектыва ехаць туды аўтастопам мяне зусім не цешыла. Шчыра кажучы, я ўжо пачаў трохі адчуваць стомленасць падарожжам: і фізічную, і псіхалагічную. Не так ужо і хацелася ўсюды бегчы, з усімі размаўляць, нешта адкрываць. Часам проста хацелася пабыць аднаму, ціха паляжаць, каб ніхто не турбаваў.

Паколькі да аўтобуса заставалася яшчэ паўтара тыдня, вырашыў не марнаваць час і зрабіць невялікую паездку па краіне. Дамовіўся са сваёй гаспадыняй, што пакіну ў яе вялікі заплечнік. Я часта так рабіў у падарожжы, гэта вельмі зручна, калі хочаш праехацца без лішніх кілаграмаў за плячыма. З маленькім заплечнікам выправіўся адкрываць іншыя часткі краіны. Аман аказаўся вельмі прыгожым і разнастайным!

Самая прыгожая і гасцінная краіна Персідскага заліва

У першы дзень сваёй невялікай вандроўкі па Амане я вырашыў наведаць адно з самых вядомых прыродных цудаў краіны — калодзеж Біма. Гэтае падземнае возера — на самай справе гіганцкі натуральны правал у вапняковай пародзе. Як кажа легенда, яно ўзнікла пасля таго, як сюды ўпала зорка.

Вада тут неверагоднага блакітна-зялёнага колеру, і ўсё выглядае фантастычна, вельмі падобнае да знакамітых сенотаў на мексіканскім паўвостраве Юкатан. Тут не змог утрымацца, каб не зладзіць сваю традыцыйную, не санкцыянаваную Мінгарвыканкамам акцыю «Акунусь за Беларусь!»

Варонка Бімма, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Калодзеж Біма, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Потым я паехаў у Вадзі Шаб — месца, якое стане адным з маіх улюбёных у Амане. Гэта вузкая горная даліна з прэсным ручаём, што цячэ сярод скал.

Спачатку трэба пераплыць раку на маленькай лодцы, а далей — некалькі кіламетраў пешшу па вузкіх сцежках, камянях і праз вадаспады. Дарога не з самых лёгкіх, асабліва ў спёку, але краявіды зачароўваюць. У канцы шляху — натуральныя басейны з крышталёва чыстай вадой. Сапраўдная асалода! Таму давялося паўтарыць сваю несанкцыянаваную акцыю.

Так блізка да сталіцы, а тут ужо зусім іншы Аман — вакол пустыня і горы, а ў даліне — зеляніна, вада, цень. Сапраўдны аазіс, дзе прырода дыхае ў сваім рытме.

Каньён Вадзі Шаб, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Каньён Вадзі Шаб, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Каньён Вадзі Шаб, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Каньён Вадзі Шаб, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Аўтастоп у Амане працуе выдатна: машыны спыняюцца літаральна адразу. Кіроўца, які мяне падвозіў, аказаўся вельмі гасцінным — спытаў, куды я еду, і, пачуўшы мой адказ, запрасіў да сябе дадому. Ён акурат вяртаўся з двухмесячнага падарожжа па Малайзіі, упершыню за доўгі час ехаў дахаты, у свой невялікі гэстхаўс, і адразу ж сказаў мне: «Заўтра прыязджай — буду чакаць». І хоць я не планаваў заязджаць у той гарадок, але ад такога цёплага запрашэння не змог адмовіцца.

Пакуль жа працягваў свой шлях і наведаў яшчэ некалькі цікавых мясцін. Ужо на змярканні спыніўся кіроўца, які ехаў у Сур — стары рыбацкі гарадок з маляўнічай крэпасцю, портам і старадаўнімі мануфактурамі, дзе дагэтуль будуюць драўляныя чаўны. На іх аманцы стагоддзямі выходзілі ў мора. Дарэчы, некалі Аман валодаў Занзібарам — краіна мела магутную марскую імперыю, і ў такіх месцах, як Сур, гэта ўсё яшчэ адчуваецца.

Калі мы прыехалі, кіроўца спытаў, дзе я збіраюся спыніцца. Я адказаў, што, можа, павешу гамак недзе на ўскрайку горада. Але ён толькі ўсміхнуўся, сказаў: «Навошта гамак?» — і завёз мяне ў гатэль. Потым яшчэ накарміў у рэстаране, пажадаў добрага падарожжа і з’ехаў. Забягаючы наперад, скажу, што Аман — відаць, самая гасцінная краіна Персідскага заліва.

Я трохі пагуляў па гарадку, агледзеў галоўныя славутасці, у тым ліку прыгожую крэпасць на беразе заліва. Адпачыў, набраўся сіл. І, дарэчы, адкрыў адзін карысны лайфхак: вада ў Амане даволі дарагая, а пітных фантанчыкаў няшмат. Але ля кожнай мячэці можна знайсці халодную ачышчаную ваду — выдатны спосаб зэканоміць і не высахнуць у спёку.

Каньён Вадзі Шаб, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Каньён Вадзі Шаб, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

На наступны дзень я скіраваўся ў невялікі гарадок на беразе Аравійскага мора, куды мяне запрасіў кіроўца ўчора. Дома яго не было — пятніца, святы дзень у мусульманаў, і ён бавіў час з сям’ёй. Але пакінуў мне ключы і запіску: «Адчувай сябе як дома!» Сапраўды ўражваюць давер і гасціннасць гэтага народа! Гэстхаўс быў на першай лініі ўздоўж мора. Чысты пляж і блакітная вада — вядома, я не мог не паплаваць.

ФОТА Пляжа

Увечары гаспадар вярнуўся, прывёз вячэру, мы доўга і цікава размаўлялі. Ён вельмі добразычлівы чалавек: разведзены, на пенсіі, мае восем дзяцей ад дзвюх жонак, цяпер жыве для душы, шмат падарожнічае. Кажа, дзяржаўнай пенсіі хапае і на ўтрыманне вялікай сям'і, і на вандроўкі! У ягоным доме я адчуў сябе вельмі камфортна, быццам завітаў у госці да роднага дзядзькі.

Наступным пунктам стаў старажытны горад Нізва, адзін з самых вядомых турыстычных напрамкаў Амана. Зноў ехаў аўтастопам — каля 300 кіламетраў за пяць-шэсць гадзін. Дарога прайшла лёгка, нідзе не чакаў больш чым некалькі хвілінаў. Цікава, што вялікая частка людзей, якія мяне падвозілі, неяк звязаная з арміяй: ці служаць, ці працуюць у вайсковых установах. Здаецца, гэта адзін з самых стабільных і распаўсюджаных спосабаў зарабляць на добрае жыццё ў Амане.

Нізва, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Нізва, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Нізва, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Нізва, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Нізва, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Нізва, Аман, пачатак лістапада 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Я спыніўся ва ўтульным, хоць і не асабліва танным хостэле — 15 даляраў (44 рублі) за ноч. Там пазнаёміўся з іспанскім пажарнікам, які мае тры месяцы адпачынку на год і імкнецца адкрываць для сябе новыя мясціны. Мы цікава пагутарылі, я добра папрактыкаваў іспанскую. Разам прагуляліся вузкімі вулачкамі старажытнага і адноўленага горада. Нізва сапраўды прыгожая, але, прызнаюся, калі шмат вандруеш, такія месцы пачынаюць крыху злівацца. Але адзін разок прагуляцца было вельмі прыемна!

Дарогай назад у сталіцу я заехаў у Біркат Аль-Маўз — вёску, дзе знаходзіцца адзін з самых захаваных і ўнікальных аазісаў Амана. Старое паселішча з глінянымі дамамі і вялізныя пальмавыя плантацыі надаюць аазісу асаблівы гістарычны і культурны каларыт. На фоне выпаленай сонцам зямлі тут адчуваецца сапраўды казачная атмасфера, быццам з апавяданняў пра Аладзіна.

У чаканні новых прыгодаў

Вечарам таго ж дня я вярнуўся ў сталіцу, дзе мяне зноў прыняла на адну ноч філіпінская настаўніца, у якой я пакінуў свае рэчы. Да аўтобуса ў Рыяд заставалася яшчэ пару дзён, таму я перасяліўся ў хостэл. За пяць даляраў (14,6 рубля) мне ўдалося знайсці даволі цывільнае месца, дзе я адпачыў, яшчэ пагуляў па Маскаце і падрыхтаваўся да наступнага этапу падарожжа.

Таксама вырашыў прабавіць час з карысцю: пашукаць камп’ютарны клуб, каб напісаць адразу некалькі выпускаў гэтага блога. Спадзяюся, на аснове гэтых дзённікаў некалі з’явіцца кніга пра вялікае беларускае кругасветнае падарожжа. Знайсці камп’ютарны клуб аказалася чакана няпроста. Здаецца, пашчасціла трапіць у амаль адзінае месца ў горадзе. Уладальнікам-індыйцам патлумачыў, што мне трэба не гуляць, а працаваць.

Недалёка ад хостэла выпадкова пабачыў IKEA. Вось ужо дзе глабалізацыя! Спецыяльна завітаў туды, каб пацешыць сябе знакамітымі фрыкадэлькамі з пюрэшкай — сапраўдны маленькі гастранамічны падарунак.

Мой аўтобус у Рыяд адпраўляўся вельмі рана, каля пятай раніцы. Высветлілася, што ў Маскаце існуе адзіны начны рэйс грамадскага транспарту — з аэрапорта да аўтобуснага тэрмінала. Ён сапраўды хадзіў, і дзякуючы гэтаму я зэканоміў каля пяці даляраў на таксоўку, вельмі зручна! Далей мяне чакалі амаль суткі ў дарозе, аўтобус аказаўся не зусім звычайным: гэта быў паломніцкі рэйс у Меку! Пра ўсе гэтыя прыгоды — ужо ў наступнай частцы.

Гэты этап падарожжа стаў для мяне чарговым пацверджаннем гасціннасці і адкрытасці людзей у Амане, а таксама магчымасцю занурыцца ў непаўторную атмасферу арабскага свету. Праз аўтастоп, новыя знаёмствы і неспадзяванкі я яшчэ больш адчуў дух гэтай краіны — паміж старадаўніх аазісаў, мора і сучасных гарадоў. А наперадзе — новыя прыгоды ў Саудаўскай Аравіі, якія будуць не менш цікавымі.