У Беларусі масава затрымліваюць людзей, якія трапілі ў кадры польскага дакументальнага фільма пра пратэсты 2020 года. Так заяўляюць самі сілавікі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле звестак праваабаронцаў, у Беларусі апошнім часам праходзяць масавыя затрыманні людзей па так званым «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Як сцвярджаюць самі сілавікі, прычынай для затрыманняў стаў польскі дакументальны фільм пра пратэсты, у якім відаць незаблюраныя твары ўдзельнікаў акцый. Пра якую стужку ідзе гаворка, не ўдакладняецца.
Нагадаем, раней «Вясна» паведаміла, што ў Беларусі апошнім часам пачалі актыўней судзіць за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК). Гэта можа быць звязана з заканчэннем тэрміну даўнасці па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса. Пры гэтым працягваецца пераслед па арт. 293 КК (Удзел у масавых беспарадках).
Адзначаецца, што судовыя справы па арт. 342 КК у апошнія тыдні пастаўленыя «амаль на канвеер».