Палітвязня Мікіту Лосіка — брата палітвязня Ігара Лосіка — асудзілі на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Мікіта Лосік быў затрыманы 10 красавіка гэтага года. Яго судзілі па «справе Гаюна» па арт. 361−4 КК (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці). Вырак вынесены Віцебскім абласным судом, Лосіка вызвалілі ў зале суда — так робіцца, калі абвінавачанаму прызначаюць абмежаванне, а не пазбаўленне волі. На «хімію» ён паедзе з дому, а не з СІЗА.
Паводле версіі следства, Лосік у лютым 2022 года пераслаў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» некалькі фотаздымкаў расійскай ваеннай тэхнікі, якая ехала праз Оршу.
Нагадаем, маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» сярод іншага рэгулярна інфармаваў пра расійскія ўдарныя дроны, што заляталі ў нашую краіну. У лютым праект спыніў працу. Гэта адбылося пасля таго, як стала вядома пра ўцечку дадзеных «Гаюна» і людзі, якія адпраўлялі інфармацыю, аказаліся ў небяспецы.
З таго часу стала вядома як мінімум пра некалькі выпадкаў затрыманняў, падставай для якіх сталі дасланыя вясной 2022 года ў «Беларускі Гаюн» фота і відэа з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай.
Затрыманым выставілі абвінавачанні ў «дапамаганні экстрэмізму» па ч. 4 арт. 361 КК. Яна прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі або да сямі гадоў калоніі.
Праваабаронцам вядома як мінімум пра 20 фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту.