Супрацоўнікі ГУБАЗіК спынілі схему закупкі лекавых сродкаў «рэспубліканскага маштабу». Сярод фігурантаў — прадстаўніца Мінздароўя, паведамілі ў МУС.

Паводле інфармацыі ведамства, жанчына некалькі гадоў разам з памагатымі «забяспечвала замежнай кампаніі магчымасць пастаўкі ў нашую краіну розных медпрэпаратаў на мільёны рублёў».
«За лабіяванне інтарэсаў бізнесоўцаў належалі „падзякі“: грашовыя ўзнагароды, дарагія падарункі, сямейныя туры за мяжу, наведванне забаўляльных установаў», — расказалі ў МУС.
Падчас чарговай канфідэнцыйнай сустрэчы падазраваная атрымала ад камерсанта звыш сямі тысяч даляраў, пасля чаго была затрыманая.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за атрыманне хабару ў буйным памеры. Фігурантка змешчаная ў СІЗА, дае прызнальныя паказанні. Ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.