Еўропа ў каардынацыі з сенатарамі ЗША рыхтуецца ўвесці супраць Расіі самыя жорсткія санкцыі. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Францыі Жан-Наэль Баро, паведамляе tf1info.fr.

«Мы хочам, каб Уладзімір Пуцін нарэшце пагадзіўся на спыненне агню, бо мы ўбачылі, што з таго часу, як прэзідэнт Трамп прапанаваў 30-дзённае спыненне агню, удары Расіі па Украіне павялічыліся ў пяць разоў», — заявіў Баро, дадаўшы, што «так працягвацца не можа, гэта мусіць спыніцца».
Кіраўнік МЗС Францыі паведаміў, што санкцыі заснаваныя на французскіх прапановах і стануць самымі жорсткімі за апошнія тры гады. Пры гэтым яны закрануць, у прыватнасці, «нафтавыя даходы і фінансавых гульцоў з Расіі і іншых краін».
Акрамя таго, са словаў Баро, Уладзімір Пуцін, не дабіваючыся прагрэсу на ваенным фронце, «задавольваецца тым, што скідае ракеты і беспілотнікі на жылыя раёны, што прыводзіць да шматлікіх ахвяр сярод цывільнага насельніцтва». «Мы збіраемся прымусіць яго адступіць», — дадаў ён.
Напярэдадні амерыканскі сенатар Ліндсі Грэм заявіў, што «прыйшоў час дадаць больш інструментаў у арсенал прэзідэнта Трампа, каб пакласці канец вайне», бо Пуцін ігнаруе намаганні па дасягненні міру.
«Я чакаю, што Сенат будзе прасоўваць двухпартыйны законапраект пра санкцыі супраць Расіі, які дазволіць уводзіць пошліны і санкцыі ў дачыненні да краін, якія падтрымліваюць вайсковую машыну Пуціна і не дапамагаюць Украіне», — напісаў ён у Х.
Грэм — адзін з аўтараў санкцыйнага законапраекта. Дакумент прадугледжвае ўвядзенне 500-працэнтнай пошліны на тавары з краін, якія купляюць расійскія нафту, газ, уран і іншыя рэсурсы. А таксама санкцыі супраць асоб, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію.